Беларуская Служба

Міністр юстыцыі Польшчы: Усё бліжэй да стварэння трыбуналу над крамлёўскімі злачынцамі за агрэсію супраць Украіны

11.10.2024 14:15
Разглядаецца пытанне стварэння міжнароднага трыбуналу над Расіяй за агрэсію ды злачынствы ва Украіне.
Міністр юстыцыі Польшчы Адам БоднарPAP/Paweł Supernak

Рашэнне ўсё бліжэй, пра гэта ў Люксембургу заявіў польскі міністр юстыцыі Адам Боднар, які ўдзельнічае ў пасяджэнні органаў ЕС. Палітык дадаў, што трыбунал будзе працаваць у структурах Рады Еўропы.

«Гэты трыбунал павінен разглядаць толькі злачынства агрэсіі, гэта значыць, пра тых хто прымаў рашэнне аб гэтай агрэсіўнай вайне, хто яе вёў, хто прымаў канкрэтныя рашэнні. «Які сэнс судзіць камандзіра, які аддаваў ганебныя загады ў Бучы або Марыупалі, калі не асудзяць Шайгу, Пуціна або іншых людзей, вінаватых у прыняцці рашэння аб пачатку захопніцкай вайны», — сказаў кіраўнік Мінюста Польшчы.

Адказваючы на ​​пытанне брусельскай карэспандэнткі Польскага радыё Бэаты Пломэцкай, ці месца Пуціна на лаве падсудных, Адам Боднар спаслаўся на п’есу пад назвай «Гаага», у якой прадстаўлена група людзей, якія кіруюць Расіяй, абвінавачаных перад Трыбуналам.

«Я думаю, што гэта перспектыва, пра якую мы павінны думаць у кантэксце Пуціна і яго камандзіраў», — дадаў міністр Боднар. Пуціна будуць судзіць за злачынствы агрэсіі, а што тычыцца ваенных злачынстваў і генацыду ва Украіне, пракуроры Міжнароднага трыбунала ў Гаазе ўжо збіраюць доказы.

ПР/юл